«Цярплівы, маўклівы, справядлівы. Мацнейшы за большасць каго ведаю»: сябры развітваюцца з Кастусём Ивановым Пра сваё знаёмства з актывістам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і журналістам «Хартыі’97» піша Максім Сергіец: - У далёкім 2008-м годзе, рыхтуючыся да чарговай акцыі і пасля ночы «заклейкі» горада, я падыйшоў да кавамашыны на цэнтральным вакзале ў Мінску і, чакаючы на сваю каву, звыкла «прасканаваў» вокам зал чаканьня. Сіняя, выцвеўшая цішотка аднаго з «чакаючых» не дала мне спакою сваім нетыповым характэрыстычным колерам і тым як «дзіўна» змяняла колер. Падыйшоўшы бліжэй, я максімальным басам ціхім шэптам (наколькі ў мяне можа быць бас) хрыпнуў пад вуха таму «чакаючаму»: - Жыве Беларусь! - Жыве вечна! - быў водгук і адразу яго заспаныя вочы пачалі разглядацца навокал шукаючы «падстаўную небяспеку». Так я пазнаёміўся з Кастусём. А потым разам сядзелі. Затрыманні, акцыі, міграцыя, падарожжы, фэсты. На Кузю заўжды можна было разлічваць. Калі ён так сказаў. Але ў ім было штосьці такое, чаго шмат каму з нас бракуе: калі ён ведаў што няможа дапамагчы або лічыць ідэю дурною - проста сказаць што нябудзе ў гэтым удзельнічаць. Збіраў кубік Рубіка з закрытымі вачыма і прасіў яшчэ (па ім засталася вялікая калекцыя разнамаітых мадэфікацый кубікаў Рубіка: ён заўжды трэнаваў свой мозг), ціха слухаць апанента ў дыскусіі а потым «раскласьці яго на лапаткі» некалькімі словамі. Або, часам, не вытрымаць вярзення лухты і спыніць моцным словам «каб далей ня бавіцца». Цярплівы, моцны духам, разумны. Ніколі нікому не жаліўся, не наракаў. Мацнейшы за большасць каго ведаю. Больш за 15 год ён чысціў каментары ад ботаў і хэйтараў, пісаў навіны і ствараў супольнасць на дзясяткі тысяч чалавек, якія сёння нават няведаюць што гэта рабіў уласна Ён. Нават у апошні час, амаль паўтары гады, прыкаваны да ложка, ён працягваў працу і і амаль не выпускаў планшэт з рук. Кастусь змагаўся да апошняга. У мінулую суботу, 24 кастрычніка, пасля моцнага змагання за жыццё, ён сыйшоў. Спі спакойна, Сябра. Падтрымаць сям’ю і дапамагчы ў арганізацыі пахавання можна па спасылцы: http://zrzutka.pl/eerumj Развітанне з Кастусём у Варшаве адбудзецца ў бліжэйшы чацьвер, 29 кастрычніка а 11-й гадзіне пры вуліцы Powązkowska 2.
- 18
- 11