«Гаварыў гучна, калі іншыя шапталі. Умеў сьмяяцца сярод цемры і заражаць іншых верай ў лепшае» Сябры пішуць пра актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і журналіста сайта «Хартыя'97» Кастуся Іванова, які памёр пасля працяглай хваробы 24 кастрычніка 2026 года: «Ёсьць людзі, чыю прысутнасьць адчуваеш доўга пасьля таго, як яны выйшлі з пакоя. Кастусь быў адным з іх. Кастусь Іваноў, якога многія з вас знаюць як Кузю, адышоў 24 кастрычніка 2026 году пасля доўгай барацьбы з анкалагічнай хваробай, за тыдзень перад сваімі 41-мі ўгодкамі. Для адных ён быў сябрам, для іншых - калегам з рэдакцыі «Хартыі'97». Для многіх - проста чалавекам, які ня мог прайсьці міма несправядлівасьці абыякава. Журналістам, актывістам, прыяцелем. Гадамі жыў і працаваў ў Варшаве, далёка ад роднага Віцебску, але блізка да спраў, якія лічыў важнейшымі за ўласны спакой. Сёньня ўжо мы можам зрабіць штосьці для Кастуся і ягонай сям’і. Мы арганізуем збор, каб годна развітацца зь ім ў Варшаве і перадаць ягоны прах сям’і ў Беларусі. Сабраныя сродкі накіруем на арганізацыю цырымоніі, крэмацыю і ўсе фармальнасьці, зьвязаныя з перавозкай урны і ўшанаўньнем ягонай памяці ў Беларусі. Мы ўдзачныя за кожны ўнёсак — ён набліжае нас да годных провадаў Кастуся. Калі ня можаш падтрымаць фінансава, зрабі адно: перашлі гэты збор далей. Часам адзін перасланы спасылак трапляе да патрэбнага чалавека і мяняе ўсё. Цяпер мы можам быць разам для яго — так як ён гадамі быў для іншых. Кастусь, дзякуем табе за тое, што ты быў. За тое, што гаварыў гучна, калі іншыя шапталі. За тое, што ўмеў сьмяяцца сярод цемры і заражаць іншых верай ў лепшае. Ты даў нам больш, чым сам ведаў. Узяў меней, чым аддаваў. Дзякуем кожнаму, хто спыніўся тут хоць на хвіліну. Дзякуем тым, хто ахвяраваў, і тым, хто перадаў далей. Дзякуем тым, хто напісаў сям’і, і тым, хто моўчкі запаліў сьвечку ў думках. Ваша прысутнасьць тут паказвае, што Кастусь ня быў адзін, і ня застаецца адзін цяпер». ПАДТРЫМАЦЬ ЗБОР МОЖНА ТУТ
- 25
- 5
- 2